Экскурс у мінулае і крок у будучыню

16.01.2020

Экскурс у мінулае і крок у будучыню

18 снежня 2019 года вучні ДУА “Сярэдняя школа №4 г. Івацэвічы” ўпершыню сталі ўдзельнікамі Міжнароднай навукова-даследчай  анлайн-канферэнцыі вучняў гімназій, школ і студэнтаў, якая была арганізавана ўстановай культуры “Міжнародны дом мастацтваў”. 22 удзельнікі канферэнцыі з розных краін выступалі з абаронай сваіх навуковых даследаванняў. Работы былі прадстаўлены на рускай, беларускай і англійскай мовах.

Тры работы вучняў ДУА “Сярэдняя школа №4 г.Івацэвічы” былі прадстаўлены на беларускай мове, што ў сваю чаргу не засталося без увагі журы.

Свістун Анастасія і Юркевіч Ірына, вучаніцы 8 “Б” класа, выступілі з навуковай работай “Людзі. Лёсы. Даследаванні”. Вось ужо некалькі гадоў яны разам з класным кіраўніком настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Амяляшчык Аленай Фёдараўнай і настаўніцай рускай мовы і літаратуры Круковіч Аленай Сямёнаўнай адпраўляюцца ў паход па родным краі,вядуць краязнаўчую работу і далучаюцца да гістарычнай спадчыны. Найбольш уразіла членаў журы гэта работа, ёй быў прысуджаны Дыплом І ступені.

    Вынікам краязнаўчай работы, паходаў па родным краі з’явілася даследаванне Басалай Наталлі  і Раўчэні  Веранікі, вучаніц 8”Б” і 6 “А” класаў. Навуковая праца “Пра яго і зараз можна гаварыць як пра сучасніка” пад кіраўніцтвам Круковіч А.С. і Амяляшчык А.Ф. прысвечана жыццёваму шляху святара Свята-Троіцкай царквы ў Целяханах. Жыццёвыя прынцыпы гэтага чалавека сталі прыкладам для вучняў. Пазнаёміўшыся з жыццём Іаана Струкоўскага , дзеці зразумелі, што значыць быць   шчырымі, шчодрымі, добрымі, высакароднымі.Дыпломам ІІ ступені была ўдастоена гэта работа.

 

Вучаніца 4 “Г” класа Кронда Аліна была самай малодшай удзельніцай канферэнцыі. Разам са сваім кіраўніком Папекай Святланай Анатольеўнай яны  прадставілі  навуковае даследаванне “Талент і працавітасць беларусаў жыве ў вяках”.Дыпломам ІІ ступені была ўдастоена і гэта работа.

 

Высокая ацэнка членаў журы яшчэ раз пацвердзіла, што сумесная праца настаўнікаў і вучняў дае плённыя вынікі. Настойлівасць настаўнікаў , любоў да працы, здольнасць арганізаваць сваіх выхаванцаў  дазволілі выйсці на міжнародны ўзровень. Дыпломы не толькі ў вучняў. ДУА “Сярэдняя школа №4 г. Івацэвічы” ўдастоена Дыплома за высокае прафесійнае майстэрства калектыву.

Хочацца думаць, што гэта першы крок вучняў гэтай установы ў будучыню. Хай крочаць яны ў нагу з часам  і ажыццяўляюцца іх планы.