Душа баліць, душа крычыць аб спаленых вёсках

13.09.2022
12 верасня 2022 года вучні 6 “Г” і 9 “А” классаў ДУА “Сярэдняя школа №4 г. Івацэвічы” разам з класнымі кіраўнікамі Амяляшчык Аленай Фёдараўнай, Круковіч Аленай Сямёнаўнай, кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Бурвіным Юрыем Юр’евічам прынялі ўдзел у мітынгу Памяці вёсак Бабровічы, Вяда, Тупічыцы, Красніца, якія ў верасні 1942 года былі спалены нямецка-фашыскымі захопнікамі разам з жыхарамі.
Асабліва страшнай была трагедыя ў вёсцы Бабровічы. У агні загінула 676 чалавек. Тыя, хто цудам застаўся жывым, і зараз памятаюць пра тыя страшныя дні. Гэта яны дзеляцца сваімі ўспамінамі, калі вучні нашай школы неаднаразова адпраўляюцца ў паходы па родным краі, гэта яны, сведкі той жудаснай трагедыі, сталі штуршком для стварэння ў школе музейнай экспазіцыі “Людзям роднага краю…”, якая адкрылася ў мінулым годзе 17 верасня. Знамянальна, што гэта адбылося ў Дзень народнага адзінства. У стэндах экспазіцыі расказы і тых людзей, каго ўжо няма сярод вяскоўцаў. Яны разам з усімі вярнуліся на сваё селішча, аднавілі родную вёску і, як тыя парасткі вечнасці, торылі сваю жыццёвую дарогу, ні на хвіліну не забываючы пра тое, што давялося перажыць.
Пасля мітынгу вучні ўдзельнічалі ў акцыі “Душа баліць, душа крычыць аб спаленых вёсках”. Яны наведалі тых жыхароў, хто па стане здароўя не мог удзельнічаць у мітынгу. 
І тут дзякуй трэба сказаць работнікам кааператыўнай прамысловасці за прыгожыя пірагі, якімі шчыра захапляліся людзі. Дзякуй вам за спонсарскую дапамогу.
Не маглі не наведаць удзельнікі мітынгу і Брацкую магілу, якая знаходзіцца на могілках. Хвілінай маўчання тут ушанавалі памяць пра ўсіх, каго забрала вайна. Дакрануліся да векавечнага дуба, каб яшчэ раз каранямі ўрасціся ў родную зямлю і памятаць. 
Памятаць… Гэты год, аб’яўлены годам гістарычнай памяці, яшчэ раз напамінае нам, што гістарычная памяць – гэта дарога ў будучыню. А памяць павінна быць вечнай, тады вечным будзе жыццё на Зямлі.

 Фотогалерея